Гомельскае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі на працягу 15 гадоў праводзіць творчыя мерапрыемствы, прысвечаныя знакавым для вобласці і краіны літаратарам, а таксама важным падзеям у жыцці народа. Так, у розныя гады на Гомельшчыне праходзілі Гады народных пісьменнікаў Івана Мележа, Івана Шамякіна, Івана Навуменкі і Андрэя Макаенка, а таксама прысвечаныя вядомым выхадцам палескага краю — Анатолю Грачанікову, Івану Сяркову і Дзмітрыю Кавалёву. Як даніна павагі ў іх гонар ладзіліся дзясяткі мерапрыемстваў у дзіцячых садках і школах, у каледжах і вну, бібліятэках, на прадпрыемствах рэгіёна. У рамках гэтых падзей абласная пісьменніцкая арганізацыя штогод ажыццяўляла падрыхтоўку і выпуск рэгіянальных і міжнародных альманахаў, калектыўныя зборнікі паэзіі і прозы, а таксама рэалізавала шэраг памятных праектаў, накіраваных на увекавечванне памяці пісьменнікаў-землякоў. Напрыклад, былі сабраны сродкі і ўсталяваны мемарыяльныя дошкі на дамах, дзе жылі Іван Сяркоў і Анатоль Грачанікаў. Пісьменнікі рэгіёна таксама актыўна ўдзельнічалі ў зборы матэрыялаў для стварэння шэрагу выстаў у музеях, мемарыяльных пакояў, прысвечаных жыцці і творчасці калег-папярэднікаў. А на працягу апошніх трох гадоў у рамках Года малой Радзімы на Гомельшчыне ладзіліся маштабныя мерапрыемствы, звязаныя з дзіцячай літаратурай. Найперш, яны былі скіраваны на папулярызацыю творчасці сучасных пісьменнікаў, якія пішуць для дзяцей і падлеткаў. Дарэчы, менавіта ў гэты перыяд многія літаратары – члены пісьменніцкай арганізацыі – актыўна пачалі пісаць творы спецыяльна для дзіцячай аўдыторыі; выйшлі дзясяткі займальных кніг для дашкольнікаў і школьнікаў-падлеткаў, прэзентацыі якіх ладзіліся ў розных аўдыторыях і, бясспрэчна, запомніліся не толькі маленькім чытачам, але і дарослым.
Сёлета ў абласным аддзяленні Саюза пісьменнікаў Беларусі вырашылі не адмаўляцца ад усталяванай добрай традыцыі: 1 студзеня на тэрыторыі вобласці абвешчаны Год класічнай літаратуры і чытання.